Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

паветра прыкметна сьвяжэла. Цені ад скалаў рабіліся цямней і даўжэй.

Ва мне ўсё больш настойліва давала сябе адчуваць жаданьне сустрэцца з Каворам. Сонца апусьцілася настолькі, што ледзь не датыкалася небасхілу. Мяне непакоіла думка, што селяніты хутка зачыняць усе свае выхады, і мы застанемся ва ўладзе жудаснай месячнай ночы.

Неабходна было спыніць пошукі і параіцца адзін з адным. Трэба было вырашыць пытаньне, што рабіць далей. Балёну мы не знайшлі, для працягваньня пошукаў ня было часу, а калі селяніты зачыняць свае капальні, мы загінем.

Я кінуў марыць аб балёну і думаў выключна аб сустрэчы з Каворам.

Я ўжо накіраваўся назад да хусьцінкі, як раптам… убачыў наш балён!

Я не магу сказаць, што знайшоў яго: хутчэй ён знайшоў мяне. Балён ляжаў досыць далёка на захад, куды я, напэўна, ніколі не дайшоў-бы, але косыя праменьні сонца адлюстроўваліся ў яго шкляных сьценках, і гэты бляск міжвольна зьвярнуў на сябе маю ўвагу. Я ад радасьці гучна закрычаў і шпарка паляцеў проста на балён. Я спатыкаўся, падаў, але ўсё-такі ляцеў уперад. Разы тры я павінен быў спыняцца, і ня гледзячы на рэдкае паветра, пот струменіў па маім твары. Урэшце, пасьля аднаго асабліва рызыкованага скачка, я ўдарыўся проста аб шкляную сьценку балёну