Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

— Галава… мая галава…

У мяне галава таксама вельмі балела. Я хацеў прыкласьці руку да ілба і раптам упэўніўся ў тым, што я скуты. Спроба паварушыць нагамі паказалася, што яны таксама скуты. Апрача таго, на мне быў мэталёвы пояс, прымацаваны тоўстым ланцугом да падлогі.

— Кавор! — крыкнуў я.

— Што?

— Дзе мы?

— Ня ведаю.

Пасьля гэтага мы доўга ляжалі моўчкі, прыслухоўваючыся да гулу, які напамінаў вялікую працуючую фабрыку.

Мы ляжалі ў глыбокай цемры і з трапятаньнем чакалі далейшых падзей. Раптам зусім каля нас пачуўся характарны гук, быццам адскочыла спружыннае века гадзіньніка. Усьлед за гэтым зьявілася вузкая палоска сьвятла.

Мы ня спушчалі вачэй з сьветлай паласы, якая паміж тым рабілася ўсё шырэй.

Раптам паласа сьвятла рэзка вырасла. Адчыніліся дзьверы, за якімі было відаць блакітнае зьзяньне, і ў асьветленым прастакутніку паказалася нейкая дзіўная фігура. Спачатку мне здалося, што яна належыць чатырохногай жывёле, якая нахіліла галаву, але потым я смутна разгледзеў селяніта, з характарнымі тонкімі, сагнутымі нагамі. На ім ня было ні шлему, ні грубай вопраткі, якія мы бачылі на селянітах пры