Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

дрэнна разьлічыў свой скачок; ён праляцеў высока над іх галовамі, некалькі разоў перакуліўся ў паветры і з гучным плёскам зьнік у масе нейкіх расьлін. Я ня ведаю, якое ўражаньне засталося ў селянітаў ад гэтага дзіўнага ўчынку стварэньня, якое нечакана зьявілася да іх з іншай плянэты. У маіх успамінах смутна рысуецца, што яны разьбегліся ва ўсе бакі, але я не бяруся сьцьвярджаць гэтага.

Ва ўсякім выпадку, я зрабіў крок усьлед за Каворам, пакаўзнуўся і паваліўся. Потым мне адразу зрабілася вельмі дрэнна. Я памятаю яшчэ, што з кімсьці змагаўся, што мае рукі і ногі ахапілі мэталёвымі абручамі, пасьля чаго я канчаткова страціў сьвядомасьць.

Потым у маіх успамінах ідзе вялікі пропуск. Я ведаю толькі, што калі я ачуняў, то першай маей думкай было разуменьне, што мы знаходзімся ўнутры месяца.

XII
Селяніты

Я сядзеў на карачках. Навакол было зусім цёмна, але ўсё дрыжэла ад гуку працуючых машын. Я доўга ня мог зразумець, як я трапіў у такое становішча. Паступова я пачаў уяўляць, у чым справа.

— Кавор! — паклікаў я нерашуча.

Поплеч са мною пачуўся слабы голас Кавора: