Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/66

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

першай сустрэчы наверсе. Ён зрабіў да нас крокі тры і спыніўся. Яго рухі былі зусім бязшумнымі. Потым ён падышоў яшчэ бліжэй. Ён ступаў як птушка, ставячы ногі адну перад аднэй. Ён вышаў з паласы сьвятла і адразу зьнік. Потым ён зьявіўся зусім каля нас. Цяпер ён быў асьветлены сьпераду, і мы маглі яго добра разгледзець. У яго зусім ня было твару ці, дакладней, таго, што мы прызвычаіліся называць тварам. Пярэдняя частка галавы ў яго зьяўлялася агіднай бясформенай масай. Носу зусім ня было. Вочы тупыя, бяссэнсовыя, выступалі з абодвых бакоў, як у рака, — на сілуэце я іх палічыў за вушы. Вушэй у яго ня было. Пасьля я хацеў па ўспамінах нарысаваць такую галаву, але гэта мне не ўдалося. Рот быў, і нават са сьлядамі губ, загнутых уніз нейкай жудаснай грымасай.

Шыя, на якой сядзела галава, у трох месцах была перахоплена кароткімі суставамі, як нага рака. Суставаў астатняй часткі цела я ня бачыў, бо яны былі схаваны пад асаблівымі бінтамі, адзінай вопраткай гэтага стварэньня.

Селяніт стаяў нярухома і глядзеў на нас сваімі жудаснымі вачыма.

Кавор першым кашлянуў і пачаў гаварыць. Ён гаварыў да сіпаты, да адурэньня. Селяніт стаяў нярухома. Потым, калі ў Кавора ўжо зусім страціўся голас, страшыдла раптам абярнулася і накіравалася да дзьвярэй. Праз момант ляснула спружына, і мы зноў апынуліся ў непрагляднай цемры.