Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

пальцах, вачох і губах зьявілася лёгкае прыемнае пакалваньне, а ў галаве думкі бяз сувязі пачалі зьмяняць адна адну.

Адным словам, атрымлівалася нешта накшталт ахмяленьня.

Я першы скончыў есьці і сказаў:

— Вельмі добра! Захапляюча! Тут ня толькі поўны прастор, але нават і харч прыгатаваны!

Кавор таксама прабурчэў нешта вельмі пахвальнае для месяца.

Мяне зьдзівіў яго няцьвёрды выгавар, цяпер-жа я ўбачыў, што ён неяк нязграбна размахвае рукамі і галавой. Як відаць, ён ахмялеў ад зьедзеных ягад.

Потым мае ўспаміны адносна дзейнічаньня гэтых агідных ягад-грыбоў на наш організм робяцца смутнымі. Я памятую, што пакляліся адзін аднаму не падначальвацца праклятым казяўкам, бо для чалавека крыўдна на спадарожніку зямлі хавацца ад нейкіх селянітаў. Мы набралі вялікі запас ягад і пабеглі ўперад.

Вельмі хутка мы сустрэлі селянітаў. Іх было шасьцёра. Яны ішлі ў адзін шэраг і гутарылі дзіўнымі — са сьвістам і мурканьнем — гукамі. Яны нас адразу заўважылі, сьціхлі і спыніліся.

— Казяўкі! — прабурчэў Кавор, — праклятыя казяўкі! І яны яшчэ думаюць, што я з-за іх буду поўзаць на жываце, я, стварэньне пазванковае!

Потым «пазванковае стварэньне» зрабіла крокі тры ўперад і скокнула проста на селянітаў. Кавор