Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

— Жывыя, разумныя стварэньні, у іх складаныя машыны… яны прымушаны на нач хавацца ў глыбокія капальні, каб не замерзнуць…

— Мы павінны быць асьцярожнымі.

— Так. Нам, перш-на-перш, трэба знайсьці наш балён, а там відаць будзе.

Мы ўзьняліся, агледзеліся навокал. Кавор паказаў рукой кірунак, і мы пайшлі. Зноў пачалося поўзаньне сярод гушчыні, але цяпер стомленасьць і голад давалі сябе адчуваць мацней, і мы пасоўваліся ўперад вельмі марудна.

У мяне пачыналася нэрвовае галоднае пазяханьне. Нам даводзілася паузьці пад кустамі, на якіх віселі нейкія мясістыя чырвоныя ягады. Гэтыя ягады мелі такі прывабны выгляд, што я ледзь стрымліваўся, каб не пачаць есьці іх. Урэшце, я ня вытрымаў, узяў у жменю ягад і сказаў:

— Кавор, я больш не магу. Я папрабую!

Я запхнуў ягады ў рот і прагавіта пачаў жаваць. Ён сеў супроць мяне. На твары яго выразна адлюстроўвалася барацьба паміж страхам і жаданьнем пасьледваць майму прыкладу. Урэшце, апошняе адчуваньне перамагло. Ён схапіў некалькі ягад і пачаў іх жваць.

Уласна кажучы, гэта былі хутчэй за ўсё грыбы, а не ягады, але толькі маса іх была значна мякчэй і больш сітавінная за нашы земныя грыбы. Пры глытаньні адчувалася, што яны абпальвалі глотку. Спачатку мы адчувалі толькі мэханічную асалоду ежы, але потым кроў пачала шпарчэй цячы па жылах; па