Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

— Трэба схавацца! — шапнуў Кавор і я прыгатаваўся кінуцца ў кусты.

У гэты момант пачуўся выбух, падобны на стрэл вялікай гарматы.

Я паваліўся, мае грудзі натыкнуліся на нешта цьвёрдае, а падбародак зьвесіўся над бяздоннай прорваю, якая нечакана адчынілася каля мяне. Уся гэта здрадлівая пляцоўка была вялізарным векам, гэтае века цяпер адсоўвалася ўбок, у асобнае паглыбленьне.

Кавор пасьпеў скокнуць на цьвёрдую глебу раней, чым скранулася века. Калі ён убачыў, якая страшэнная небясьпека пагражае мне, ён скокнуў на века, узьняў мяне і піхнуў у кусты. Мы ледзь пасьпелі ўзьлезьці на цьвёрдую глебу, як века з гулам зьнікла ў сваёй шчыліне. Мы ляжалі і не адважваліся глянуць у таямнічую прорву.

Урэшце, мы набраліся сьмеласьці, асьцярожна падпаўзьлі да краю калодзежа і глянулі ўніз. Хмызьнякі гнуліся і ламаліся пад напорам паветра, якое ляцела ў калодзеж. Спачатку мы ня бачылі нічога, апрача гладкіх каменных сьцен, зьнікаючых у цёмнай глыбіні, але потым, калі нашы вочы крыху звыкліся, мы далёка ўдоле заўважылі масу невялічкіх блекласьветлых кропак, якія шпарка перабягалі з месца на месца.

Паступова мы разгледзелі невялічкія цёмныя фігуры, якія рухаліся паміж сьветлых кропак.

— Кавор, што гэта можа быць? Як вы думаеце?