Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Хутка нас ізноў затрымала сустрэча з селянітам.

На ім, сапраўды, была вопратка, а ня прыродны панцыр, як я меркаваў раней. Наогул ён быў вельмі падобны на першага сустрэтага намі жыхара месяца з той толькі розьніцаю, што ў яго на патыліцы ўзьнімалася нейкая дзіўная падушка. Ён стаяў на выступе скалы і паварачваў галаву ва ўсе бакі, быццам аглядваў кратар. Праз які час ён павярнуўся і пайшоў.

Далей мы бачылі яшчэ адзін статак кароў, якія пасьвіліся і жудасна раўлі ў глыбокай лагчыне, а потым нам давялося паузьці па прасторы, дзе гул працуючых машын чуўся настолькі выразна, быццам яны знаходзіліся пад намі, пад зусім нязначным пластам глебы. Мы яшчэ былі абкружаны гэтымі гукамі, як раптам зьвярнулі ўвагу на новае адчыненьне. Мы зноў нечакана апынуліся на краю аграмаднага круглага і гладкага дыску, ня менш 20-ці мэтраў у дыямэтры.

На ім ня відаць было ніводнага каменчыка, ніякіх адзнак расьліннасьці, і к таму яго паверхня адлівала слабым мэталёвым бляскам. Спачатку мы парашылі ня ісьці на гэтую падазроную пляцоўку, але потым прышлі да вываду, што па ёй мы лягчэй і шпарчэй прасунемся ўперад, чым паўзучы сярод хмызьнякоў. Мы ўсталі на ногі і амаль што пабеглі па краі пляцоўкі.

Гул узмацняўся і, урэшце, мне здалося, што ўвесь месяц пачаў дрыжэць і калаціцца.