Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

паветры ня менш шасьці сэкунд і пасьля апынуўся па калені ў сьнезе, якім была напоўнена шчыліна ў скале.

Я аглядзеўся і як можна гучней крыкнуў:

— Кавор!.. Кавор!..

Але Кавора нідзе ня было відаць.

Мой голас, ня глядзячы на ўсе мае натугі, гучэў слаба і жаласьліва, быццам голас ягняці.

Урэшце, я зноў убачыў Кавора. Ён стаяў на выступе скалы, на адлегласьці пятнаццаці ці дваццаці мэтраў ад мяне, сьмяяўся і махаў рукамі. Яго голас не далятаў да мяне, але ён на мігі прасіў скокнуць да яго.

Я зрабіў крок назад, сабраў усе мае сілы і скокнуў. Мне здалося, што мяне падкінула нейкая магутная спружына.

Я адразу зразумеў, што мой скачок занадта моцны, але ўжо было позна. Я куляю праляцеў над галавою Кавора, паляцеў проста ў нейкую шчыліну, зарослую колкім хмызьняком, і ўпаў.

Я трапіў у сьцюдзёную масу, якая пырскамі разьляцелася з-пад майго цела і пакрыла мяне пластам аранжавага цеста. Потым я некалькі разоў перакуліўся і, урэшце, шчасьліва лёг сярод гэтай гідоты.

Я бачыў, як сярод колкага хмызьняку зьявіўся круглы твар Кавора.

— Трэба быць асьцярожным! — загаварыў ён, скідаючы з мяне аранжавую масу. — Вам трэба будзе павучыцца скакаць...