Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

амаль што ў цэнтры вялізарнага кратэру, а вецер накіроўваўся вакол яго сьцен, з ценявога боку, дзе яшчэ слаўся туман, да яго асьветленай часткі. Гэтую асьветленую частку кратэру мы маглі разглядаць толькі прыкрыўшы вочы далонямі, бо нярухомае сонца пасылала сюды асьляпляючыя праменьні, да якіх нашы вочы не пасьпелі яшчэ прызвычаіцца.

Я зьвярнуў увагу на дзіўнае ярка-ружовае сьвятло, якое нечакана зьявілася на аднэй з шэрых скал. Сьвятло гэтае ўзмацнялася і паступова залівала ўсю скалу.

— Гляньце туды! — выклікнуў я. Адказу ня было. Я абярнуўся. Кавора каля мяне ня было.

Адзін момант я стаяў нярухома, зусім зьбіты з панталыку гэтым незразумелым зьнікненьнем. Потым я пайшоў на край пляцоўкі, на якой мы стаялі, каб глянуць у ніз. Але ў раптоўным зьдзіўленьні я зноў запамятаваў, што знаходжуся на месяцы. Тая сіла, якую я аддаў для першага кроку, пасунула-б мяне на зямлі ўперад на аршын, ня больш, тут жа я адразу праляцеў уперад аршын на пяць. Я пачаў адчуваць, што падаю. Але ў той час, як на зямлі падаючае цела ў першую секунду пралятае каля шаснаццаці футаў, яно на месяцы пралятае ня больш двух-трох футаў. Дзякуючы гэтаму маё паданьне ці, дакладней, мой скачок працягваўся досыць доўга, пакуль я, урэшце, не апынуўся на дзесяць аршын ніжэй пляцоўкі, з якой так неасьцярожна скокнуў. Я ляцеў у