Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Мы пачалі шукаць пляцоўкі для наступнага скачка.

Мы абралі адну пляцоўку, скаканулі на яе, потым скочылі назад, зрабілі яшчэ некалькі скачкоў назад і ўперад, пакуль нашы мускулы не прызвычаіліся да новых умоў. Праз якіх-небудзь трыццаць скачкоў мы ўжо маглі зусім дакладна вылічваць свае скачкі.

Покуль мы практыкаваліся на скачках, расьліны навакол нас з кожным момантам рабіліся гусьцей і пышней. Узьнімаліся ўгару і раскідваліся ўшырыню кактусы, колкія хмызьнякі і паўзучыя расьліны; зьявіліся грыбы. Але нас займала сваё практыкаваньне на скачках і мы мала зьвярталі ўвагі на вакольнае. Мы зрабілі яшчэ некалькі скачкоў і, урэшце, селі адпачыць на абвітым расьлінамі камені. Толькі цяпер мы адчулі стомленасьць, якая яшчэ больш узмацнялася, дзякуючы ненормальнаму дыханьню. У мяне ў галаве раптам мільганула думка. Спачатку я не зразумеў яе неадхільнага значэньня і палічыў яе за нясур’ёзную.

— Да рэчы, — сказаў я, — як вы думаеце, у якім кіРунку знаходзіцца наш балён?

— Балён?..

Кавор глядзеў на мяне ў поўным зьдзіўленьні, і толькі цяпер я зразумеў важнасьць свайго запытаньня.

— Кавор! — крыкнуў я і схапіў яго за руку. — Дзе наш балён?!.