Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

некалькі выключальнікаў, раптам адчыніўся шэраг акон, і проста пад нагамі ў мяне апынулася сонца. У наступны момант шторы зачыніліся, і гэты пераход ад асьляпляючага сьвятла да непрагляднай імглы падзейнічаў на мяне, як моцны ўдар па галаве.

Потым Кавор запаліў электрычную лямпачку і запрапанаваў мне, каб унікнуць няшчаснай выпадковасьці пры спуску на месяц, загарнуць усе нашы рэчы ў коўдры і зьвязаць у адзін вузел. Мы ўзяліся за гэта пры зачыненых шторах, бо тады ўсе рэчы самі сабою сабраліся каля цэнтру балёну. І вось, мы двое, вольна плаваючы ў паветры, пачалі складаць рэчы і зьвязваць іх вяроўкамі. Вышла нешта ня зусім звычайнае! Для нас не існавала ні «гары», ні «нізу», самы нязначны рух вёў да дзіўных вынікаў: або я ад лёгкага дотыку рукі Кавора ляцеў да шкляной сьцяны: або бездапаможна варушыўся ў пустаце; электрычная лямпачка апынулася раптам каля маіх ног, а праз момант яна сьвяціла над маёй галавой. Раптам ногі Кавора праплывалі міма майго носа ці мы раптам сустракаліся крыж-на-крыж. Але, урэшце, увесь наш багаж быў запакаваны ў адзін вялікі мяккі пакунак, і незапакаванымі засталіся толькі дзьве грубыя коўдры, у якія мы маглі загарнуцца.

Пасьля гэтага Кавор на момант адчыніў акно, і я ўбачыў, што мы падаем на вялікі цэнтральны кратар, акружаны цэлай групай кратараў меншых памераў. Потым на імгненьне зноў адчынілася акно з боку сонца і г. д. Магчыма, Кавор часам карыстаўся пры-