Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/145

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

мага канца, не падазраючы пра заслону перашкод, якая апускаецца паміж намі; ён зусім не падазрае тых небясьпек, якія яму пагражаюць. Адсутнасьць у яго звычайнай людзкой практычнасьці аказалася для яго здрадлівай. Ён расказваў пра вайну, пра сілу і шалёныя гвалты людзей, пра іх несыць і бязмэтнасьць барацьбы. Гэтым ён зрабіў на месячны сьвет вялізарнае ўражаньне, а потым, самым небясьпечным учынкам было яго прызнаньне, што, прынамсі, на доўгі час ад яго аднаго залежала магчымасьць накіраваць на месяц іншых людзей. Мне здаецца зусім зразумелым той шлях, які пасьля гэтага павінен быў абраць нечалавечы розум месячнага сьвету, і я думаю, што гэта раптам зразумеў і Кавор. Я ўяўляю сабе, як ён павінен шкадаваць пра сваю неасьцярожнасьць. Як відаць, уладар месяца некаторы час абмяркоўваў становішча, і ў гэты пэрыод Кавор быў больш вольным, чым калі-небудзь. Але нешта перашкаджала яму пасьля перададзенай тэлеграмы зноў карыстацца электрамагнэсавым апаратам. Некалькі дзён мы не атрымлівалі ад яго ніякіх вестак. Магчыма, што яго зноў прымаў уладар месяца, і ён абвяргаў свае ранейшыя прызнаньні. Хто можа пра гэта ведаць?

І потым, раптам, як начны крык, за якім настае цішыня, прышла апошняя вестка. Усяго кароткі адрывак, пераблытаныя пачаткі двух сказаў.

Першы з іх паведамляў:

«Я быў вар’ятам, калі паведамляў уладару месяца…»