Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/146

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Пасьля гэтага была паўза прыблізна ў хвіліну. Можна ўявіць сабе, што адбывалася там, на месяцы. Нейкая замінка. Адзін крок ад прыбора… жахлівае хваляваньне сярод цёмных сілуэтаў апарату, у сіняй цемры пячоры… потым скачок назад да апарата, з позьняй рашучасьцю… потым сьпешная перадача:

«Каворыт робіцца так: вазьмі…»

Далей ідзе слова, зусім бяссэнсавае ў тым выглядзе, у якім яно перададзена: «нарно».

І гэта — усё.

Магчыма, што ў апошні момант ён спрабаваў перадаць слова «дарэмна». Ніхто ня ведае, што адбывалася там, каля апарату. Ва ўсякім выпаду, я ўпэўнен, што мы ніколі больш не атрымаем вестак з месяца.