Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/119

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У часе паездкі я ўспомніў прачытанае мною пра мамонтавыя пячоры. Скалы навакол нас былі разнастайныя, часам зусім чорныя, часамі — стракатыя ці блакітныя. Часамі яны блішчэлі і іскрыліся, быццам мы трапілі ў царства дыяментаў. Пад вадою, залітай фосфорычным сьвятлом, мільгалі і зьнікалі сьветлыя рыбы. Часамі адчыняўся сіняваты канал, з мостам ці прыстаньню, або над нашымі галовамі адкрывалася вялізарная капальня, адна з артэрый месячных шляхоў зносін.

У вялікай сталактытавай пячоры мы сустрэлі рыбаловаў. Мы далучыліся да іх. У рыбаловаў крывыя ногі і моцна разьвітыя рукі.

Лавіць рыбу яны накіроўваюцца ў вялікіх лодках. Ловяць вялізарнымі невадамі, з цяжкімі залатымі грузамі, бо вядомая рыба водзіцца на значнай глыбіні. Пры мне ў выцягнутай сетцы, паміж іншымі; аказалася нейкая страшэнная чорная жывёла з многімі нагамі. Яна надзвычайна шпарка рухалася. Яе зьяўленьне выклікала сярод рыбаловаў перапалох і выгукі жудасьці. Яны шпарка пасеклі яе сякераю, але асобныя чорныя часткі яшчэ доўга трапяталі.

Паверхня гэтага мора знаходзіцца, напэўна, на 200 міль ніжай паверхні месяца. Я бачыў, што ўсе месячныя гарады пабудаваны блізка ад гэтага цэнтральнага мора ў такіх пячорах і штучных галярэях, якія я ўжо апісваў. З вонкавым сьветам гарады злучаюцца пры дапамозе вялізарных вэртыкальных капальняў, якія заўсёды ўваходзяць у тыя «кратэры»,