Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/118

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

цуючая матэрыя. На той-жа глыбіні «усе селяніты зрабіліся сьветлымі».

Урэшце, Кавор убачыў далёка ўдоле масу вады міжмесячнага мора, якое, «як сьветлае, гатовае ўскіпець, блакітнае малако», блішчэла, хвалявалася пералівамі. Гэта мора, — паведамляў Кавор пазьней, — не застаецца на адным месцы. Яно без перапынку рухаецца навакол месячнай восі. У яго вадзе часта даводзіцца наглядаць дзіўныя плыні, хваляваньні, а часам на іх узьнімаюцца сапраўдныя буры, і тады ў суседніх пячорах, тунэлях і капальнях выбухаюць моцныя навальніцы. Вада сьвеціцца толькі ў час шпаркага руху. У становішчы адноснага супакою яна зусім чорная. Селяніты езьдзяць па вадзе ў невялічкіх плоскіх чаўнах. Мне таксама дазволены цяпер такі спосаб перасоўваньня.

Зьвіліны, па якіх даводзіцца плысьці, вядомы толькі вопытным лоцманам. Мне казалі, што вельмі шмат селянітаў назаўсёды гіне ў гэтых лябірынтах. У іхных найбольш захаваных куткох жывуць страшыдлы, якія да гэтага часу, ня гледзячы на высокае разьвіцьцё навукі селянітаў, нельга зьнішчыць. Асабліва небясьпечна нейкая Рафа, якая складаецца з вялізарнага клубка кольцаў і мацальнікаў. Калі адсячы кавалак такога мацальніка, дык ён зараз-жа вырастае ў новую цэлую Рафу. Потым мне яшчэ называлі Чы, страшыдла, якога яшчэ ніхто ня бачыў, бо яно забівае здалёк, выкідваючы нейкія дробненькія цельцы бязумоўна сьмяротныя.