Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/120

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

што наглядаюць астрономы з зямлі. Яшчэ да майго палону я бачыў века, якое зачыняе адтуліну такой капальні.

Зусім зразумела, што гэтыя вэртыкальныя капальні і расьліннасьць на паверхні месяца адыгрываюць значную ролю ў вэнтыляцыі жылой часткі месяца і падтрыманьня там сьвежай, цёплай атмосфэры. Часамі, галоўным чынам у першы час пасьля майго вызваленьня з вастрогу, па капальні струменілася халоднае паветра ўніз, а потым гарачае паветра ляцела ўгару».

Астрономы і фізыкі казалі мне, што ўсё паведамленае Каворам адпавядае таму, што да гэтага часу вядома аб месяцы. Містэр Уэндыг кажа, што каб у астрономаў зямлі было больш рашучасьці і фантазіі, яны маглі-б прадказаць амаль усё, што Кавор паведаміў аб пабудове месяца. Яны ведаюць, што зямля і месяц зьяўляюцца ня столькі плянэтай і спадарожнікам, колькі дзьвюма роднымі сёстрамі. А з тае прычыны, што шчыльнасьць месяца складае толькі тры пятых шчыльнасьці зямлі, то бязумоўна, што яна ўся перакапана пячорамі.

Раз месяц парожны, то лёгка растлумачыць адсутнасьць на ім паветра і вады, як нам на першы погляд здаецца. Мора знаходзіцца ў цэнтры месяца, а паветра цыркулюе па пячорах, падначальваючыся звычайным фізычным законам. У пячорах месяца заўсёды дзьме вецер. У частцы, асьветленай сонцам, месяц награецца, награецца і паветра. Ціск паветра павяліч-