Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/109

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

былі? Дазвольце даведацца, што гэта за балён? Напэўна, адмысловая машына.

— Так.

— Вы пацярпелі крушэньне на моры? Вас прыбіла да берагу? Так?

— Мне патрэбна дапамога, — сказаў я. — Мне трэба павыносіць і схаваць некаторыя рэчы, якія я не магу пакінуць ляжаць на беразе!

У гэты час я заўважыў некалькіх маладых людзей, у саламяных капялюшох, з прасьцірадламі на плечах. Яны падыходзілі да мора.

— Вам патрабна дапамога? — запытаў адзін малады чалавек. — Мы ўсе да вашых паслуг!

— Пойдзем у готэль, — запрапанаваў мой першы размоўнік. — Аб вашай маемасьці паклапоцяцца бяз вас.

Я падумаў і сказаў:

— Не, я павінен сам прасачыць за разгрузкай, бо там ляжаць вялікія залатыя штангі.

Яны зьдзіўлена пераглянуліся паміж сабою, потым недаверліва паглядзелі на мяне. Я моўчкі падышоў да балёну, улез у адтуліну і па чарзе падаў адтуль абодвы вагары і паламаныя ланцугі.

Маленькі тлусты чалавечак нагнуўся, узьняў канец аднаго з вагароў і зараз-жа апусьціў яго. Усе, па чарзе, зрабілі тое самае.

— Гэта волава ці золата! — сказаў адзін з іх.

— Не, гэта золата, — сказаў другі.

— Бязумоўна золата, — сьцьвердзіў трэці.