Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Я адпіхнуўся ад рэчаў, абмацаў рукамі шнуркі, якія ішлі ўздоўж шкла, дапоўз па іх да ўваходняй адтуліны каб вызначыць напрамак, у якім знаходзяцца выключальнікі. Урэшце, я знайшоў іх і перш-на-перш запаліў электрычную лямпачку.

Потым я пусьціў з цыліндру крыху тлену. Пасьля, калі ўжо дыхаць стала лягчэй, я прывёў у рух ацяпленьне. Хутка ў балёне адчулася прыемная цяплыня. Я выключыў печ і ўзяўся за ежу. Праз некаторы час я адчуў сябе настолькі бадзёра, што парашыў адчыніць якую-небудзь штору і паглядзець, у якім становішчы знаходзіцца мой балён.

Першую штору я пратрымаў адчыненай усяго толькі імкненьне, бо праз шкло хлынула хваля асьляпляючага сонечнага сьвятла. Я адчыніў штору ў супроцьлеглай сьценцы. Тут перада мною зьявілася нечаканае відовішча: аграмадны асьветлены серп месяца, а за ім — серп нашай земнай кулі. Я быў зьдзіўлен шпаркасьцю, з якою я адляцеў ад месяца. Я не разьлічыў таго, што не адчую на месяцы «ўдару», прычынай якога пры нашым адлёце з зямлі была шчыльная атмосфэра, але што «тангентыяльны размах» абарочваньня месяца, прынамсі, 28 разоў меншы «размаху» зямлі. Я меркаваў, што бачыў месячны кратэр, дзе мне давялося перажыць шмат жудаснага, а паміж тым я апынуўся ад паверхні месяца на адлегласьці шмат тысяч міль! Я пачаў абдумваць магчымасьць свайго звароту на зямлю. Я пачаў уяўляць, якія для