Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/103

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вацца тоўстым пластам шэраню. З вусоў зьвесіліся лядзяшкі, рукі і ногі адмаўляліся слухацца, але я ўсё-такі яшчэ поўз…

Балён набліжаўся. Мяне адлучалі ад яго толькі восем мэтраў. Перад вачыма ў мяне цямнела.

Вось я даткнуўся да балёну рукой.

Я так-сяк узьняўся на ногі… скокнуў, і сеў на край уваходнай адтуліны.

Я зрабіў апошнюю натугу і ўлез у сярэдзіну балёну. Там было троху цяплей, чым звонку. Усьлед за мной уляцелі і закружыліся сьняжынкі. Я схапіў адубелымі рукамі века і пачаў яго зашрубоўваць. Рукі ня слухаліся, балелі. Я плакаў, але зашрубоўваў. Урэшце, адтуліна была зачынена наглуха. Я лягчэй уздыхнуў.

Сярод халоднае імглы я пачаў шукаць выключальнікі, якія прыводзілі ў рух вонкавыя шторы і да якіх я раней не датыкаўся. Я ў жудасьці ўяўляў сабе, што мэханізмы адмовяцца дзейнічаць.

Але вось у мяне пад рукамі пачулася знаёмае лясканьне, шкло завалаклося цёмнай масай, і я застаўся сярод поўнай цішыні і цемры ў міжплянэтнай сфэры.

XVII
У міжплянэтным прасторы

Мае пальцы яшчэ сьціскалі выключальнік, але я ўжо нічога не адчуваў. Потым я інстынктыўна распасьцёр адубелыя пальцы і паплыў да цэнтру балёну, дзе ўжо апынуліся ўсе прадметы.