Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

— Я вельмі вам удзячны. Такія гутаркі былі-б для мяне сапраўдным адпачынкам. Нішто ня можа лепш садзейнічаць правільнаму знаходжаньню ідэй, як іх абмяркоўваньне. Але мяне толькі непакоіць пытаньне, ці не адыму я ад вас часу, які патрэбен для вашае работы?

— Ваша міласьць, — сказаў я, — чалавек лепш за ўсё адпачывае, калі пераходзіць ад аднаго занятку да другога!

Такім чынам, пытаньне было вырашана. Я праводзіў яго на ганак балькону і мы разьвіталіся.

Ён пайшоў паранейшаму сьмешна размахваючы рукамі, і хутка сярод глыбокае цішы летняга вечару я пачуў знаёмае гудзеньне:

— Ззззззз...

На другі дзень ён доўгі час зноў сядзеў у мяне, таксама, як і на трэці.

За гэтыя два наведваньні ён прачытаў мне дзьве лекцыі па фізыцы, прычым мы абодвы засталіся імі задаволены. Ён казаў пра «эфір», пра «сілавыя лініі» і іншыя мудрагельствы, а я сядзеў супроць яго, лупаў вачмі і толькі час-ад-часу казаў сваё:

— Так... Так... Працягвайце, калі ласка!.. Разумею... — каб толькі падтрымаць струмень яго красамоўства, бо зразумець яго я ніяк ня мог.

Я скарыстаў першы выпадак, каб агледзіць яго дом. Апрача яго самога, там жылі тры яго памоцнікі. І галоўны дом, і ўсе надворныя пабудовы былі перароблены ў майстэрні і лябораторыі. Пра-