Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

каб увайсьці ў яго таямніцу, і зараз-жа ўзяўся за асьцярожныя распытваньні.

Але на маё прыемнае зьдзіўленьне выявілася, што ён ахвотна згаджаўся пазнаёміць мяне са сваімі адчыненьнямі. А калі ён пачаў гаварыць, дык яго гутарка абярнулася ў суцэльную лекцыю.

Ён гаварыў амаль што цэлую гадзіну, і я павінен прызнацца, што мне было досыць цяжка сачыць за разьвіцьцём яго думак.

Палова яго слоў складалася з тэхнічных выразаў, мне зусім незнаёмых, — з гэтае прычыны мне нават цяжка было рабіць выгляд, што я хоць крыху разумею. Я толькі калі-ні-калі гаварыў:

— Так!.. Канечне… зразумела… працягвайце, калі ласка…

І заставаўся ў самым безнадзейным няведаньні. Ён многа гаварыў пра сваю майстэрню, пра трох памоцнікаў, якіх ён выхаваў для сябе са звычайных цесьляроў. Урэшце, ён запрасіў мяне пры выпадку наведаць яго і агледзець майстэрню. Я ахвотна згадзіўся на яго запрашэньне.

Раптам мне прышла ў галаву новая думка, і я сказаў:

— А што, калі вы створыце сабе новую прывычку? Калі замест прагулкі вы будзеце прыходзіць да мяне? Вы адпачывалі і абмяркоўвалі вашы пляны ў часе прагулкі, рабеце гэта ў мяне. Магу вас упэўніць, што мае веды вельмі нязначны для таго, каб я мог выкарыстаць вашы думкі.