ным, адсеклі рукі й ногі, выразалі языкі, садралі скуру з усяго цела і, нарэшце, спалілі на агні. Але, падтрымліваныя маткаю, мучанікі не адмовіліся ад свае веры. Заставаўся жывым яшче толькі адзін сын яе, наймалодшы. Антыёх Эпіфан сам пачаў пераконваць яго зрачыся свае веры, пачаў лашчыць юнака, суліў яму багацьце і добрую пасаду, але той быў няўломны. Тады цар паклікаў да сябе Саламанію і запрапанаваў ёй зрабіць уплыў на сына. Але яна, нахіліўшыся да яго, у сваёй роднай мове сказала яму: „упрашаю цябе, сыночак, ня бойся гэтага забойцы, ды будзь такім, як твае браты, і прыймі сьмерць, каб Гасподзь, па ўваскрасеньні, вярнуў мне цябе разам з імі“. Юнак быў замучаны, а пасьля спалілі і самую маці.
Барацьба яўрэяў за веру і свабоду.
Збавіцелем народу ад страшных прасьледаваньняў за веру зьявіўся сьвяшчэньнік Матаф’я з пяцьма сваімі сынамі, з якіх асабліваю адвагаю адзначыўся Юда, празваны Макавеем. З невялікім лікам ваякаў Юда Макавей ня раз наносіў моцныя ўдары сырыйскаму войску. Але адноўчы яго абкружыла шматлікае войска сырыйскае, а ў яго было толькі 800 чалавек. Юда ня стаў уцякаць ад ворагаў, а згінуў сьмерцяй гэроя (161 г. да Нар. Хр.). Брат Юды Сымон аканчальна вызваліў Юдэю ад сырыйскага ярма. Юдэя зрабілася самастойным і незалежным гаспадарствам пад кіраўніцтвам Макавеяў (143 г. да Нар. Хр.). Сымон Макавей быў абвешчаны на ўсё жыцьцё архірэем, ваеначальнікам і кіраўніком народу. Званьне архірэя было зацьверджана за дзяцьмі Сымонавымі навек, пакуль ня прыйдзе Вялікі Архірэй — Мэсія.
Юдэя пад Рымскім панаваньнем. Чаканьне Мэсіі.
Перад нараджэньнем Хрыста народ юдэйскій апынуўся пад рымскаю ўладаю (ад 64 г. да Нар. Хр.). Кіраўніком Юдэі рымляне вызначылі Ірада, родам з Ідумэі. Ірад называўся царом, хаця і быў падпарадкаваны рымскай уладзе. З зацараваньнем Ірада царская ўлада перайшла да чужынца. Да гэтага часу царамі і кіраўнікамі яўрэйскага народу былі патомкі цара Давіда, які