Прарок Ільля.
Прарок Ільля жыў у пустыні і рэдка паказваўся сярод людзей. Прыходзіў ён да іх толькі дзеля таго, каб
абвясьціць волю Божую. Зьнячэўку ён зьяўляўся, аб’яўляў волю Божую і неспадзявана адыходзіў.
Аднойчы, калі цар Ахаў служыў ідалам, неспадзеўку
перад ім стаў Ільля і сказаў: „Гэтымі гадамі ня будзе
ні расы, ні дажджу!“ Вымавіўшы гэта, ён раптам зьнік.
Прароцтва яго збылося: пачалася страшэнная суш; ад
сонца выгаралі ўсе расьліны: настаў голад і трываў тры
гады. Па трох гадох ізноў Ільля прыйшоў да Ахава, загадаў яму сабраць увесь народ і ўсенародна прынёс
ахвяру Богу, на якую зыйшоў з неба агонь і спаліў яе.
Ільля маліўся пры гэтым і, па малітве яго, зараз-жа
паслаў Бог вялікі дождж.
Другога разу малітвамі Ільлі Гасподзь уваскрасіў
памёршага сына сарэптскай удавы. Удава гэтая свайго
часу, як быў голад ад сушы, ўратавала Ільлю, даўшы
яму прытулак у сваім доме.
Прарока Ільлю прасьледавала жонка Ахава, паганка. Ільля змушаны быў часта хавацца ад яе. Аднак калі
была патрэба абвясьціць ёй прысуд Божы за яе паганае жыцьцё, дык бяз страху стаў прарок перад ёю.
Ільля сказаў Ахаву, што ён памрэ не сваёю сьмерцю і сабакі будуць лізаць кроў яго, а жонку яго зьядуць
сабакі за мурамі гораду. Так і сталася: Ахаў быў забіты на вайне і сабакі лізалі кроў яго, якой была абліта
баявая калясьніца, а жонку выкінулі праз вакно і сабакі пагрызьлі труп яе.
Аднаго разу прышоў Ільля да Ялісея, які пачынаў
тым часам прароцтваваць. Ільля хацеў адпаведна навучыць яго, як і што рабіць, разьвітацца з ім і адыйсьці ў пустыню. Прарок ня скрываў ад Ялісея, што хутка
будзе ўзяты з гэтага жыцьця. Таму Ялісей не пакідаў
яго болей. І вось, калі прарок Ільля зьвярнуўся да Ялісея з апошнім разьвітальным словам, ён угледзіў нязвычайнае зьявішча: сарваўся віхар, які і панёс Ільлю,
як бы на агнёвай калясьніцы на неба. Калі ўсё сьціхла,
Ільлі не знайшлося; засталася адна мантыя (шырокая адзежа), якую Ялісей падняў і забраў з сабою.