Перайсці да зместу

Старонка:Першая навука Закону Божага (1936).pdf/87

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

раў царства Ізраільскае і яно зусім згінула, праіснаваўшы 250 гадоў. Цар асырыйскі зруйнаваў дашчэнту ўвесь край, і шмат жыхароў паслаў у палон. На іх месца перасяліў паганцаў з Сырыі і Месапатаміі. Ад імя Самарыі, галоўнага места зруйнаванага царства Ізраільскага, гэтыя пасяленцы сталі называцца самаранамі. Вера іх была мешанінай праўдзівае веры з паганскімі аблудамі. Юдэі пагарджалі самаранамі і стараліся нават не гаварыць з імі.

У царстве Юдэйскім усе цары паходзілі з роду Давіда і некаторыя з іх (Аса, Іосафат, Езэкія) заставаліся вернымі Богу праўдзіваму. Аднак большасьць адхілілася ў ідалапаклонства. За гэта Гасподзь пакараў і Юдэйскае царства. У 589 годзе да Н. Хр. вавілонскі цар Навухаданосар узяў і спаліў Ерусалім, — разам з храмам Ерусалімскім, захапіў з храму ўсё дарагое прыладзьдзе і адправіў у палон амаль ня ўсіх жыхароў Юдэі. Так пачаўся ведамы ў гісторыі 70-гадовы палон вавілонскі.

Прарокі.

Калі яўрэі сталі забывацца аб Богу і пачыналі кланяцца ідалам, Бог адкрываў ім Сваю волю цераз прарокаў. Галоўным прызначэньнем прарокаў было абвяшчаць людзям волю Божую. Самі яны спаўнялі ўсе запаведзі Божыя і хутчэй згаджаліся на мукі і сьмерць, як на тое, каб пайсьці супроць волі Божай. Яны не баяліся гаварыць праўду нават такім царом, якія маглі за гэта ўкараць іх. Яны сьмела высьведчвалі цароў, калі тыя служылі ідалам і ўціскалі народ.

Прарокі, надыхнёныя Богам, прадбачылі, што дзеля адбудовы на зямлі Царства Божага прыдзе Божы Пасланец, Збавіцель. Ён навучыць людзей, як треба жыць, каб споўніць Волю Божую, як абавязкавы царскі закон; ды й Сам так жыць будзе; Сам прыкладам Сваім пакажа, што жыць так можна і даступна для людзей.

Асабліва вялікімі прарокамі былі Ільля, Ялісей, Ісайя і Даніла.