Даведаўшыся такім чынам, што Якаў і Вэніямін жывуць, Іосіф захацеў пабачыць свайго малодшага брата. Загадаўшы сваім падуладным даць братом хлеба, колькі яны могуць давязьці, Іосіф вымагаў ад братоў, каб хутчэй прывязьлі да яго іх брата, што пры бацьку застаўся, а каб не ашукалі, аднаго з іх пакінуў пры сабе.
Тут браты пачалі гутарыць між сабою сваёю моваю, думаючы, што Іосіф не разумее іх. Пачалі яны каяцца, што несправядліва і жорстка абышліся з братам Іосіфом, і сталі прызнавацца, што гэта Бог караe іх цяпер за брата. Іосіф усё зразумеў, расчуліўся вельмі,
выйшаў у другі пакой і заплакаў.
Дзесяць братоў вярнуліся дадому, а як куплены хлеб выйшаў, паехалі зноў у Эгіпэт і ўзялі з сабою Вэніяміна. Прыйшлі ўсе да Іосіфа. Ён запрасіў іх да сябе ў палац на абед і пасадзіў за сталом паводле старшынства. Гэта вельмі зьдзівіла братоў; усё ж яны не маглі
зразумець, што абедаюць у праданага брата свайго.
Абдарыўшы ўсіх, Іосіф загадаў ім ехаць назад, толькі малодшага Вэніяміна хацеў пакінуць пры сабе. Браты пачалі прасіць яго не рабіць гэтага, бо, — як запеўнялі яны, — бацька іх не перажыве ўтраты любага сына. Тады Іосіф заплакаў і прызнаўся, што ён той самы брат,
якога яны ўзьненавідзелі і прадалі ў рабства.
Браты спалохаліся. Яны думалі, што Іосіф, маючы ўладу, стане мсьціцца. Але Іосіф не хацеў плаціць ім злом за іхнюю ненавісьць да яго, за іх жорсткасьць.
Па дабраце сваёй, Іосіф выбачыў жорсткім братом сваім, расплакаўся і стаў абнімаць іх. Сорамна было братом перад Іосіфам.
Хутка пасьля таго Іосіф аб’явіў братом, што цар эгіпецкі запрашае іх з бацькам, усёй радзімай і ўсім дабром перасяліцца на сталае жыцьцё ў Эгіпэт, дзе ім
будзе дадзена лепшая зямля.
Перасяленьне Якава ў Эгіпэт. Яўрэі ў Эгіпце.
Якаў з радзімай перасяліўся на прызначаную яму
зямлю, Іосіф-жа і па заканчэньні голаду застаўся начальнікам Эгіпту. Сям’і Якава жылося пры Іосіфе вельмі добра.