Паяўленьне ідалапаклонства.
Па патопе людзі ізноў размножыліся і, пакуль усе жылі разам, захоўвалі веру ў Бога. Але з працягам часу, расьсяліўшыся па розных краінах, адасобіўшыся са сваёю моваю і звычаямі, пачалі забывацца аб праўдзівым Богу і сталі ўбагаўляць розныя сілы і зьявы прыроды. Замест аднаго ісьціннага Бога зьявілася грамада відочных багоў, добрых і злых, гледзячы на тое, ці прыносілі яны чалавеку шкоду ці дабро. Так зьявіліся куміры ці ідалы, якіх пачалі рабіць з дзерава, каменя ці мэталю, і якім пачалі пакланяцца. Ідалапаклоньнікі звычайна называюцца паганцамі.
Ідалапаклонства ўсё болей і болей распаўсюджвалася між людзьмі і, у канцы, дайшло да таго, што амаль ня ўсе людзі на зямлі пачалі пакланяцца ідалам. Тады Бог, па Свайму міласэрдзю, абраў з усяго чалавецтва адзін народ для захаваньня праўдзівай веры на зямлі да часу прыходу абяцанага Збавіцеля. Гэты абраны народ былі яўрэі, якія паходзяць ад Аўраама, з патомства Сіма, сына Ноя.
Аўраам. Зьяўленьне Бога Аўрааму.
Бог абраў праведнага Аўраама, каб захаваць у яго патомстве праўдзівую веру. Аўраам атрымаў ад Бога загад выселіцца з Мэсапатаміі, дзе ён жыў, у зямлю Ханаанскую, у Палестыне. «Гэтую зямлю — сказаў Бог Аўрааму — Я дам табе і твайму патомству» (чаму зямля гэтая і стала называцца Зямлёю Абяцанаю). Аўраам узяў усю сям’ю і маемасьць сваю (шматлікія статкі жывёлы свойскай), і пайшоў у прызначаную яму краіну.
Аўраам ня меў дзяцей, аднак Бог сказаў яму, што родзіцца ў яго сын, і што патомства сына гэтага будзе вельмі вялікім і слаўным, і з яго выйдзе Збавіцель.
Пасьля гэтага, ўгледзіў аднаго разу Аўраам ідучых да яго падарожнікаў. Ён пакланіўся ім і запрасіў да сябе. Адзін з іх (гэта былі Гасподзь і з Ім два ангелы) паўтарыў Аўрааму абяцаньне аб народжаньні ў яго сына.
Цераз год у Аўраама і жонкі яго Сары ўзапраўды радзіўся сын, якому далі імя яны Ісаак.