Старонка:Пернік (1927).pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

якая адна магла памірыць пешага падарожніка з палячым золатам косаў сонца. Сем патоў спусьціла Мар’я пакуль дабралася да гораду.

Абуўшы пры ўваходзе ў горад свае ста­рыя вясковага вырабу чэравікі, на якія яна ўжо сама паглядала з пагардай, але якія, ідучы, па звычаю хутчэй чымся з патрэбы, нясла на плячох у кашолцы, Мар’я скіравалася да рынку.

Прадаўшы, што мела і схаваўшы грошы да прынесяных у хустку і глыбака за пазуху — Мар’я пайшла па крамах. Ну, ведама-ж купіць што — ня так хутка. Страш'нна запрашваюць. Таргуючыся проста язык абаб’еш. Дый выбар надта вялікі: вочы разьбягаюцца — ня ведаеш, што выбраць.

Ужо добра спаўдня было, а Мар’я яшчэ не магла справіць усяго. Там-сям прытаргавалася, але не зыйшліся.

— Зайду яшчэ ў пару месцаў дый скончу, думала Мар’я.

Змарылася яна ўшчэнт, хацелася есьці.

Застанавілася каля вітрыны аднаго вялікага магазыну, аж вочы загарэліся: колькі там рознага дабра!

— Зайсьці, ці што? падумала.

— Чаго таўкаешся? слышыць сярдзіты вокрык побач сябе. Абярнулася: нейкі пьяны таўкануў праходзячага пана.

— А ты што мне за начальства? Агрызнуўся пьяны.

— А! заместа перапрашэньня ты гэтак? загарэўся пан: у паліцыю захацеў? Напіўся дык не бадзяйся…