Старонка:Пела вясна (1925).pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Поп счакаў яшчэ момант і адчыніў царскія вароты. Зірнуў на цэркву.

Соткі рук замітусіліся суччам нязграбным, сотні галоў схіліліся ў шчырых паклонах.

Поп зірнуў на пярэдніх, каб знайсьці знаёмыя твары сталых, паважных сялян.

Зірнуў і… асалапеў. Проста яму ў твар глядзелі вострыя, задорныя вочы маладых хлапцоў-комсамольцаў. У іх гарэла ўсьмешка, яны ўпарта сьвідравалі наскрозь, пралязалі, здаецца, у самае нутро і поўнілі сэрца трывогай.

— Што ім тут трэба? Чаго пазьбіраліся?..

А трывога расла, пераходзіла ў востры спалох. Баяўся выйсьці на цэркву, баяўся зірнуць на людзей. Чуў, што там расьце замятуха, што чакаюць яго, чакаюць пачатку, — а выйсьці ня важыўся. Бо загарадзілі дарогу ўпартыя, насьмешлівыя вочы, коляць так прыкра, балюча.

Ён азірнуўся вакол, быццам падмогі шукаючы.

Пуста. Нікога няма ў алтары. Усе там, чакаюць яго. А ён баіцца выйсьці, баіцца гэтых вачэй.

— І што гэта са мной? Чаго мне так страшна? Што-ж яны зробяць?..

А на цэркве ўжо гул разьліваецца — нездаволены, злосны. Нехта крыкнуў:

— Час пачынаць! Дакуль будзем чакаць?..