Старонка:Пела вясна (1925).pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Чорная, мяккая ноч атуліла сьвяточным спакоем, лашчыць твар ледзь чутным павевам кволага ветрыку. З мякка-глыбокага неба прыветна плюскаюць зоркі, ласкава ўсьміхаюцца.

Добра так, радасна…

А звон разьлівае наўкола сталёвую гулкую песьню, шырыцца, гойсае сьмела ў маўклівай, уважлівай цемры.

Моцны, пабедны звон…

Каля цэрквы — сьвяточны тлум. Вуліца коньмі застаўлена — не прайсьці. На вазох дзе-ні-дзе плямяцца цёмныя постаці. Чуваць гутарка, часам узмывы маладога задорнага рогату.

А на цьвінтары поўна людзей. Ходзяць гурмамі, поўняць ноч дружным гоманам.

Поп увайшоў у цэркву. Зважна прайшоў паміж густога натоўпу. Прыемна было, што ўсе раступіліся, што ўсе пазіралі з сур‘ёзнай пакорнай увагай.

І яшчэ больш ахапіла здаволеньне. У думках няслося, круцілася:

— Наша пабеда… Наша сьвята…

І зноў падмывала запець, закрычаць, каб выліць з душы шалёную радасьць.

Увайшоў у алтар, напрануў сьвяточныя рызы. На цэркве замятушыліся, забразгалі мэталічнымі пратэсамі, да крэснага ходу пачалі ладзіцца.