Старонка:Пела вясна (1925).pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Чаму-ж няма старасты? Сказаў яму, каб прышоў, як зьбярэцца народ. Няўжо яшчэ нікога няма? Няўжо ня прышлі на ўсяночную?

Слухае поп, як доўгай, маруднаю хваляй плавае недзе ў цямноце гук адзінотнага звону. І здаецца, што плача ён, стогне. Здаецца, галосіць адчайным, тужлівым голасам, кліча кагось на ратунак.

А як растае, траціцца ў ночы змораны голас тужлівага звону, у пакой сьмела ўлятаюць буяныя гукі оркестру. Дражняць, сьмяюцца задзірліва, напамінаюць аб маладым, шумлівым жыцьці комсамольскага клюбу.

Поп хоча злавацца, хоча ненавідзець лютай нянавісьцю, пасылаць туды, да тых, праклёны страшэнныя. Але злосьці няма. Бо няма моцы злаваць, млявасьць зьвязала — цягучая, ліпкая. Спавіла ўсяго — крануцца ня хочацца, ня хочацца думаць.

Поп заплюшчыў вочы, цалком аддаўся спакою.

Прыемна замуцілася ў галаве, лёгкім туманам ахінуліся думкі…

.         .         .         .         .         .         .         .         .         .         .         .         .         .         .         .         .         .         .         .         .         .         .         .         .         .         .         .         .         .         .         .         .         .         .         .

Раптам нехта паляпаў у дзьверы.

— Увайдзіце!

Увайшоў стараста, унёс з сабой знаёмы пах ладану й воску. Поп ня ўстаў, толькі твар абярнуў да яго.

— Ну, што, Кірыла?