Перайсці да зместу

Старонка:Пела вясна (1925).pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У ВЯЛІКОДНУЮ НОЧ.

Гадзіньнік на сьцяне цікаў так цененька, квола, быццам пакорна жаліўся на нейкую крыўду: цяжкую, незаслужоную. Ад гадзіньніка плыла па пакою цягучая, як цеста, нуда і застыгала, зьвісала важкім напружаным гнётам.

Поп лёг на ложак, выпрастаўся з асалодай, бо цела цяжарыла тупая санлівая млявасьць. Хацелася ляжаць нярухома, доўга ляжаць, без канца. Хацелася, каб думак ня было, каб не калолі яны раз-по-разу вострымі джгаламі мозг, каб не праціналі раптам нутро непакоем трывожным.

Цягучым цестам цякла па пакою нуда, асядала на сэрца грамозднай камлыгай даўкага гнёту. Гадзіньнік жаліўся на нейкую крыўду, усё цікаў так жаласна, квола.

Рыпнулі недзе, заенчылі дзьверы. Поп пільна прыслухаўся.

Ці ня стараста? Час ужо, здаецца… Не, ціха. Ціха да болю ў вушах. Цішыня нейкая жалезная, вострая. Упіваецца ў вушы, у нутро і пачынае зьвінець звонам шаломным.