Старонка:Пела вясна (1925).pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Сьцёпка… сыночак… гэта ты… забілі мяне… знашлі… выказаў нехта… Уцяклі каторыя… у Седлішча… так згаворана было… Ой, цяжка, баліць…

Зноў захрыпеў, застагнаў. На вуснах злавесным булькатам чорная кроў.

Сьцёпка плакаў горка, адчайна. У роспачы туліўся галавёнкай да бацькавых грудзей.

Бацька раптам заварушыўся.

— Ой… цяжка… гарыць. Ой… Ой…

Апошні ўздых — і выпрастаўся, змоўк. Сьцёпка перш не зразумеў, потым усё стала ясна.

— Памёр!.. Няма таткі!..

І дзіцячая крыўда агарнула болем пякучым. Сьлёзы яшчэ мацней паліліся, зьмяшаліся з бацькавай крывёй.

З гадзіну сядзеў тяк ля бацькі, плакаў усё. Потым устаў, азірнуўся.

Вогнішча згасла ўжо. Цемра ўсё заліла, затапіла.

У Сьцёпкі ў галаве біліся думкі. Новыя, напружныя.

— Хто гэта? За што? За што яго татку згубілі?

Успомніў польскіх жандараў, якія ўвесь час бацьку шукалі, якія ня раз яго самога пыталі і білі. І дзіцячыя кулачкі моцна сьціснуліся ад прыліву вострага гневу.

— Гэта яны… яны забілі татку…