Старонка:Пела вясна (1925).pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сьцёпка паціху высунуўся на палянку, пільна прыслухаўся. І раптам — быццам ударыла яго што, ашаламіла. Лёг на зямлю, прытаіўся, поўны вострага палкага жаху.

Ці не здалося гэта яму? Не, во яшчэ… яшчэ… Хрыпіць нехта. Ды так-жа страшна, жудасна…

Задрыжэў Сьцёпка ўвесь. Ляжаў нярухліва, ня знаў, што рабіць. А там усё хрыпіць, усё хрыпіць…

Урэшце Сьцёпка набраўся адвагі, узьняўся паціху, пачаў уважна разглядаць палянку.

— Вунь ён!..

На ўскраю паляны цьмяны выблеск згасаючага вогнішча вызначыў цёмную фігуру. Нехта ляжыць, стогне. І больш мусіць нікога няма, адзін ён.

Сьцёпка троху счакаў і потым гукнуў палахліва:

— Дзядзечка!

І сам зьдзівіўся свайму голасу: такі слабы, ледзь чутны. Другі раз паклікаў:

— Дзядзька!

У адказ зноў пачуўся цяжкі жудасны хрып. Тады ён бліжэй падышоў, пачаў разглядаць. У твар зазірнуў. І раптам кінуўся з дзікім прарэзьлівым крыкам:

— Татачка!..

Бацька пазнаў сына. Напружыўся і загаварыў скрозь сударгавую хрыпоту: