Старонка:Пела вясна (1925).pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Усьміхнуўся здаволена. І сапраўды — якраз, як сава… Зараз адкажуць. Тады можна пайсьці.

Але нешта ня чутна. Што-ж гэта, няўжо не пачулі? Трэба другі раз…

Ізноў ня чуваць. Паждаў часінку, яшчэ раз сьвіснуў.

Ізноў ня чутна адказу. Няўжо ўсе паснулі? Ня можа быць, варта павінна стаяць.

І раптам страх ахапіў Сьцёпку. Зноў пачуў сябе адзінотным. Няўжо нікога няма? Няўжо пашлі куды ў іншае месца? Што-ж цяпер? Назад?..

Уявіў сабе Сьцёпка дарогу: балота, могілкі…

— Не, не пайду. Трэ‘ паглядзець, мо‘ й сапраўды паснулі.

Сьцёпка палез у кусты. Асьцярожна рассуваў мяккае вецьце, часам спыняўся, прыслухваўся.

Ціха. Ані зыку, ані шолаху.

І чым далей, тым болш ахапляў Сьцёпку жудасны страх. Шчыльней туліўся: ён да зямлі, віўся па ёй, як вужака.

Раптам скрозь вецьце агоньчык бліснуў. Сьмялей попоўз Сьцёпка. Зноў агарнула радасьць, здаволенасьць. Праз колькі крокаў палянку ўбачыў наперадзе. Па ёй сьвет бегае цьмянымі дрыжыкамі, варушыць, карабаціць сонную траву. Гэта — ад вогнішча, што недалужна згасае сярод палянкі. І — што гэта? — вакол нікагутка. Пуста…