Старонка:Пела вясна (1925).pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

якая. Але пасьмялеў, бо хіба-ж можа што стацца гэткаму маленькаму хлопчыку пад аховай магутнага лесу — дзядулькі!

Ішоў па лесе вобмацкам. Натыкаўся на дрэвы і, мінаючы, абымаў іх з нейкай шчырай ласкай дзіцячай.

Патаёмную сьцежку ўраз адшукаў, бо ня зьлічыць нават, колькі разоў вымерыў ён сваймі маленькімі крокамі гэтую дзікую мясьціну. Па сьцежцы паціху пашоў, мацаў нагой, каб ня зьбіцца, бо троху ў бок — і капут, загрузьнеш у багне. Доўга прышлося цягнуцца. Змора валіла з ног, да зямлі прыціскала. Але йшоў, ня спыняўся.

Урэшце сьцежка вільнула раптам у бок і Сьцёпка пачуў пад нагой цьвёрды, бясьпечны грунт. Тут — направа цяпер.

Пашоў вольна, размашыста, нават галаву задраў угару. Цяпер ён не баіцца. Ані крушыначкі! Чаго-ж яму баяцца, калі тут — колькі крокаў — і свае людзі: бацька, хлопцы вясковыя… А як бацька ўзрадуецца!

Вось і хмызьнік. Сьцёпка спыніўся. Перавёў дух, каб ямчэй было сьвіснуць, бо гэта-ж самае цікавае. Вось толькі як: ці ў прыгоршчы ці ў два пальцы? Лепш у прыгоршчы, мусіць, бо яно ў яго надта спрытна выходзіць, якраз, як сава.

Сьцёпка склаў рукі, прыладзіўся.

— Фіў…