цемру сьвідруе. Ззаду, здаецца, нехта паўзе, насьцігае. Вось хапае ўжо за полы доўгай сарочкі… Уцякаць?..
Не, гэта так, толькі здаецца. А пабегчы — тады прапаў, тады ўжо не адкараскаешся ад страху.
Наперадзе загараджвае дарогу цёмная пляма. Распаўзлася абапал дарогі, берагі свае ў цемры разбавіла, зьлілася з цемрай, Гэта — могілкі…
У Сьцёпкі ня сэрца ў грудзёх, а жалезны клявец — гэтак стукае, б’ецца. Але йдзе, ня спыняецца.
Чорная пляма разгарнулася ўшыркі, увабрала яго ў сваё нутро. З бакоў заплавалі няясныя цыбатыя цені крыжоў. Здаецца, пасуваюцца, набліжаюцца да дарогі.
А гэта што?.. Быццам нейкія крокі?.. Не, гэта-ж сэрца так б’ецца. Глупства. Зараз канец, там поле, а далей і лес ужо.
Раптам паблізу хруснула нешта. Ірвануўся Сьцёпка, у нагах нэрвовыя дрыжыкі… Але стрымаўся, заспакоіў сябе:
— Глупства. Мо’ птушка?
Наўмысьля ход замарудзіў. Пашоў, гледзячы проста перад сабой у кропку адну. Вось і канец. Лёгка ўздыхнуў, шпарчэй пасігаў па дарозе.
Лес раптам насунуўся вялізнай хмурай грамадой. Як уваходзіў Сьцёпка ў яго, пачуў сябе маленькім-маленькім, быццам казюлька