Старонка:Пела вясна (1925).pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

мусіць сорамна было ўсім. Потым рагатаць пачалі, а потым зноў Андрэй сур‘ёзна пачаў гаварыць:

— Калі так, дык трэба йначай рабіць. Настулька павінна жыць тут, пакуль бацька сам ня прыдзе і не запросіць. А не захоча — няхай сабе. Настулька й сама пражыве, не малая. Знойдзем ёй працу, заробак які. А пакуль што, хлопцы, — марш за харчамі! На першыя дні трэба дастаць. Жыць будзе ў нашай чытальні, а каб часам чаго ня прытрапілася, па чарзе будзем дзяжурыць. Ахрэм вывесіць сьпіс…

Настулька пакорліва слухала, што ёй гаварылі. У чытальні абсталявалася, прыладзілася да жыцьця. Толькі папрасіла, каб прынясьлі ёй якую работу, бо нудна бяз дзела сядзець.

Увечары комсамольцы сваю агульную сходку зрабілі. Абгаварылі сякія-такія пытаньні, потым газэты, кніжкі чыталі, комсамольскія песьні сьпявалі. Сабралася колькі дзяўчат — сьмех, жарты… Настулька й забылася на бяду на сваю, весялілася разам з усімі, шчасьлівая, давольная.

Было ўжо позна, як раптам адчыніліся дзьверы і ў парозе зьявіўся бацька Настулькін. У Настулькі сэрца — ёк, ёк, а з твару чырвань, як ветрам, сагнала. Стаіць, вочкі ўтупіўшы, сукенку цярэбіць.