Перайсці да зместу

Старонка:Пела вясна (1925).pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

хлопцы разьвесяляцца, разрагочуцца рогатам моцным, гульлівым, дык і Настулька ўсьміхнецца, свае белыя зубкі пакажа. А то, дык і зусім пасыпецца звонкім раскацістым сьмехам.

Доўга спрачаліся хлопцы, як рабіць ім далей і, урэшце, надумалі: пайсьці ўсім гурмай да Настулінага бацькі. Яе таксама ўзяць з сабой. Мо ён улашчыўся ўжо, ня будзе сварыцца. А хоць часам і будзе сварыцца, дык мо біцца ня будзе.

І пашлі. Настулька сярод іх, вочкі спусьціўшы, зачырванеўшы ад сораму прыкрага, ліпучага. Пётра-карузьлік з падскокам наперадзе.

Сяляне з цікавасьцю, з сьмехам пазіралі на іхны нязвычайны паход.

Падышлі да хаты. Увашлі: першы Андрэй, за ім Пётра, Мікола. Настулька адзаду сярод іншых хлапцоў.

Бацька ў хаце сядзеў. Андрэй зважна ногі расставіў і нарыхтаваўся гаворку пачаць.

Але вышла зусім ня так, як чакалі. Бацька раптам сарваўся, схапіў качаргу, ды на іх:

— Ах вы, сякія такія!.. Сукіны сыны, падшывальцы!..

Хлопцы — шугель, ды на вуліцу, ды па вуліцы… І паміж іх Настулька, распусьціўшы падольле.

Як прыбеглі, запыхаўшыся, назад у школу, дык чамусьці не глядзелі адзін на аднаго: