Перайсці да зместу

Старонка:Паэмы (Бядуля, 1927).pdf/97

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Толькі пошчак гудзіць; вые Чорт, нібы воўк;
Грукат-стукат чуваць паміж дрэваў.
Чорт аслаб у канцы; зубы сьцяў ён і змоўк
Грыміць баба: „Направа! Налева!“

Бегаў Чорт, узьвярнуў шыр балотных раўнін,
Нарабіў ён брады, брадзяняты:
Дзікіх выскацяў шмат, без канца азярын,
Вызяроў і каўдобін багата.

Па сягонешні дзень асталіся сьляды, —
То чартоўскія сьцежкі-пуціны;
Ні праехаць па іх, ні прайсьці нікуды
Няма як. А хто пойдзе — загіне.

Чорт засеў у глушы, з дуба бабу сьцягнуў
І зрабіў яе Ведзьмаю лютай;
Ажаніўся ён з ёй і на вёску сунуў
На нядолю людзям і пакуту.

14. Агідныя ўчынкі Ведзьмы

Сядзіць Ведзьма ў кустох, а над ёю сава
Шэрым скрыдлам плюгавым лапоча;
Крэхча жабай, дрыжыць, як жывая дрыгва, —
Ведзьма ціха замовы шапоча.

А жар-Месяц глядзіць на калматы гушчар,
Нібы твар агняшчокі чырвоны.
Ой, Палесьсе замрэ ў ланцугох ночных чар,
У сталёвых кіпцёх забабонаў.

Ваўкалакам страшным Ведзьма душыць дзяцей,
Лезе чорным катом у сялібы;
Губіць спрэсу народ, муціць бедных людзей,
Кожны прэ на ражон і на хібу.

Плодзіць-родзіць чарцей, знахароў, ведзьмароў,
Паслугачак, шаптух усюль мае;
То падвеем ляціць пад дзікіх пустыроў
Паляшучка, вядзьмарка старая.

На людзей, на быдлё шле бяду за бядой
І бядой паганяе, бы пугай;
Замятае сьляды чараўніцкай мятлой,
Затуляе гнілою дзяругай.