І пайшоў Паляшук па Дуду на бяду
І ад бабы дастаў на пахмельле.
13. Як парабіліся чартоўскія дарогі і як
Паляшучка зрабілася ведзьмай.
Жонка б‘е мужыка той чартоўскай лазой,
Паляшук нешта сп‘яну бармоча.
Чорт вясёлы глядзіць, круць і верць галавой
І віляе хвастом і рагоча.
Тутка рады няма, сама баба пайшла
Церабіці лазу, драць на лыкі;
Уе вяроўкі з кары, супачыць прылягла, —
Дзень пагодны, лагодны, вялікі.
Прывалюхаўся Чорт. „Хто тут лыкі дзярэ?
Ды нашто табе, свацьця, вяроўкі?
Нашто губіш лазу? — Чорта сполах бярэ;
Распускае кабета шнуроўкі.
„Хочаш, ведаць нашто? Зара я пакажу“.
Стань во тут, каля гэтага дуба;
Я на рукі твае во лычок палажу!“
Баба чорта рукою галубе.
Чорт раскіс і разьмяк анямеўшы стаіць;
Так стаяў-бы гадамі, здаецца.
Баба лашчыць яго, росным вокам блішчыць
І сьмяецца, сьмяецца, сьмяецца.
Скрампавала яго да таўшчэзных сукоў
Лычаком і вяроўкай-пляцёнай;
А лазою давай лупцаваць па бакох, —
Пайшлі рэхам чартоўскія стогны.
Чорт рвануўся раз-два, вырваў дуб векавы
І сунуў з тоўстым дрэвам наўцекі;
Барануе зямлю, прабівае равы,
Паратунку шукае ад зьдзекаў.
Баба мае свой спрыт і таксама ня спіць,
Моцна села на дуб і кіруе:
— Гэй налева! — крычыць, — гэй, направа! — крычыць, —
І лупцуе, лупцуе, лупцуе.