Пусьціць дождж на зямлю, сыпне град ільдзяны,
З зачарованых горных харомаў;
Душаць кур і гусей каршуны, груганы,
Губяць збожжа страшныя заломы.
Сонца паліць-гарыць. Нібы прысак-пясок,
Хоць пячы ў ім яйцо, як у печы.
Пошасьць, трасца бярэ, есьць дзяцей страшны Цмок,
Усіх поедам есьць і калеча.
15. Як паляшукі змагаюцца з Паморкам
Людзі б‘юць шаптуноў, у магілы кладуць
Да зямлі прыбіваюць асінай.
Ведзьмакі-мерцьвякі ня ідуць, ня брыдуць
Па начох таямніцай-пуцінай.
Людзі ў пушчу ідуць; з усіх сіл грамадой
Вырубаюць высокую хвою;
Рубяць крыж, валакуць да ракі талакой,
Ставяць крыж на гары за ракою.
Дзяцюкі аб той крыж брусок ясеня труць,
Губку ў міг да бруска прыкладаюць:
Загарыцца яна, агонь людзі бяруць,
Ва ўсіх хатах з яго запаляюць.
І гарыць дзень і ноч, і балуе агонь,
пад крыжам ня зводзяць агнішча.
Дзед Паморак дрыжыць, як спалоханы конь,
Ня пускае яго пажарышча.
Ходзіць-бродзіць адзін між карчышчаў балот
Страшны Дзед аднавокі, калматы;
Прэ да вёсак, да сёл, дзе вартуе народ, —
Дзед праплішчыцца думае ў хаты.
Пападзе на агонь, пападзе на ваду, —
Яго смаліць агонь, вада топіць.
Люд дрыжыць і глядзіць на Паморка-брыду,
Вочы пільна ў яго утаропіць.
„Ой, пусьцеце мяне; я вам шчасьце нясу,
Векавечнае шчасьце такое…
Я вам радасьць даю, нібы божу расу,
Ой, пусьцеце-ж у хаты затое!“