Тут агледзіўся бог; цэлы край прападзе
Пад чартоўскай пляцёнкай-заховай;
То-ж Палесьсе, як дзед, барадой абрасьце
Кучаравай, калючай, лазовай.
Давай сонцам пячы, давай парыць ваду —
Яшчэ болей расьце вырастае.
І мароз бог паслаў на лазу, на брыду, —
А лаза не баіцца, ня дбае.
Зноў бярэцца яна на вясну, як вязель,
Заглушае лугі і паляны;
Лезе ў вочы і ў твар, як дакучлівы чмель,
Сваёй лапай чартоўскай паганай.
І злуе Паляшук, і сякеру бярэ,
І кусты ён цярэбіць адважна.
Нямаведама скуль, насустрэчу Чорт прэ,
Секачу ён шапкуе паважна.
Чорт частуе яго з капшука тытуном, —
Паляшук гэта зельле смакуе.
Чорт ратая заве гультаём, ласуном,
З яго люлькі жартуе, шуткуе;
„Ты радзіўся, мабыць, з сваёй люлькай ў губах, —
З губ ня выпусьціш люлькі ніколі;
Ты прывык да яе, цёнгля дыміш, аж страх,
Думыш дымам гаркім сваю долю“.
„Загарыцца твой кут, — няма як ратаваць, —
Насагрэйкай сваёй ты заняты.
Прыдзе сьмерць па душу — няма як паміраць, —
Тытуну йшчэ асталась багата“.
„За жыцьцё тытуну спаліш ты цэлы стог,
На той сьвет ты паедзеш вандзонкай;
Гібель бочак віна выпівай, каб ня ссох,
Каб лілася, як рэчка, гамонка“.
І хвастом ляснуў Чорт — пад лазы гоц і гоц —
Скача пляшка за пляжкай сівуха;
Паляшук п‘е на гвалт, Паляшук п‘е на моц,
Абліваецца чортавай юхай.
„Кінь лазу церабіць — кажа чорт — лепш Дуду
Прынясі ды зайграй мне вясельле“.