То над борам ня мчыць чарадзейны цар-зьмей,
То ня ладзяцца плачы-хаўтуры.
Гэта ў медных катлох між зачумленых вод
Вадзянік варыць жыжу-атруту;
Там і хмель, і палын, і пякельны смурод —
Для людзей на лайдацтва, пакуту.
Многа бочак стаіць між болотных карчоў,
Іх пільнуюць-вартуюць вужакі;
Жыжа пенай бурліць, блішчыць соткай вачоў,
Ой, шалёныя будуць прысмакі!
І гартуецца моц, і сталюецца крэп,
І пячэ агнём,плягай пякельнай;
Голаў круціць, бы ўюн, і малоціць, як цэп,
Глузд туманіць бамбэнкам вясельным.
Ня дыміцца туман — курыць люльку сваю
Вінакур-вадзянік сярод ночы.
Нечысьць вабіць людзей, нечысьць ладзіць гульню,
Дым туманіць у самыя вочы.
Паляшук моцна п‘ян; скача, песьні пяе,
Льле у глотку нячысьцікаў трунак;
Ломіць-крышыць усё, бацьку роднага б‘е, —
Дзеці клічуць людзей на ратунак.
Як за клямку з дзьвярэй, цягне чорт за язык —
Паляшук нешта брыдка гавора;
Ён хрыпіць, як вяпрук, ён раве, як той бык, —
Па калена яму тады мора.
Працу кіне зусім; голад вострыць свой зуб,
Гніе хата і дохне скаціна. —
Прападзе Паляшук. Гэта Чорт-душагуб
Яго зьверне з праўдзівай пуціны.
12. Чортава лаза абхапіла Палесьсе. Што
з гэтага вышла
Урадзіла лаза. Нясе ліха з сабой,
Перайшла ад балота на поле, —
Проста рады няма, стаіць дзікай сьцяной, —
Паляшук праклінае лёс-долю.