Перайсці да зместу

Старонка:Паэмы (Бядуля, 1927).pdf/93

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Чорт снуе, як павук; выпірае аж дух.
Плюе, храхае серкай, крывёю;
Ён паганіць ваду цэлай кучай рапух,
Рабакамі і дзікай травою.

Яму моташна — страх, аж хвастом лясь і лясь,
Дзе рыгне — камары, аваднішчы;
З губы купіны пруць, — скок і скок, плясь і плясь,
Чорт паскудзіць ваду, брудам нішчыць.

Ад натугі язык целяпаецца ўздоўж,
І тырчыць, нібы шост сукаваты.
Ўвесь запеніўся Чорт; ён сьлізкі, як той смоўж,
А плюецца, плюецца рагаты.

Там, дзе плюне, — багно і рудаўка, трава,
Тхлань трасецца, лапоча, дрыгоча;
Чадзіць голаў багун, сасе п‘яўкай дрыгва,
То паморак, то трасца якоча.

Чорт, нарэшце, за корч зачапіўся, рыгнуў —
З жывата ўсё насеньне рванула;
Забурчала, аж бор у далі ўздрыгнуў,
Аж сава дзікі сьпеў зацягнула.

Апаганіўся ўвесь чысты водны прастор,
Стаў ён чортавым вечным балотам:
Там пайшлі панаваць страхацьцё, сьмертны мор,
І начніца і цмок пад чаротам.

Чарцяняты кішаць, нібы вар у катле,
Іх гадуе там чортава матка;
Паратунку няма ад іх проста нідзе, —
Прыстаюць да лапцёў, да апраткі.

Як замуцяць народ, як пачнуць штось шаптаць,
Хто паверыць ім — пэўна загіне;
Напсуюць шмат людзей, хоць гаці іх на гаць, —
Нечысьць строіць пякельныя кпіны.

11. Чорт варыць сівуху на загубу Паляшуку

То ня вецер гудзіць, ня шуміць сухавей,
То ня гойдаюць злыя віхуры;