Хоць у рукі бяры, перазайся вужом, —
На цябе, як анёл той, ён гляне.
Паляшчук на Дудзе пасьля працы цяжкой
Грае цэламу сьвету на дзіва.
Адыходзіць, як цень, жальба з цяжкай журбой,
На душы бы хто мажа алівай.
Плывуць гукі ў прастор, нібы птушкі нябёс,
Разьлягаюцца пошчакам дробным.
Рады краскі, трава; ў сьвітках — кропельках рос —
Апранаюцца пышна, аздобна.
І журчыць ручаёк, байку-казку пляце,
Дудару вельмі шчыра уторыць, —
Во ад чараў Дуды ўся зямля запяе,
Зараз камень нямы загаворыць…
Ой, на сьвеце няма ні мацней, ні пякней
Зычнай песьні і простай і шчырай;
Паляшчук нават сьмерць забывае пры ёй,
Яго сэрца пускаецца ў вырай.
Думка рэчкай плыве ў заварожаны круг, —
Угару да зары-зараніцы,
І вяртаецца стуль, як расіца на луг,
Нібы кропля да роднай крыніцы.
10. Як Чорт стварыў балота
Чорта гне у дугу, бельмы лезуць на лоб,
Ў жываце забурчала занадта;
Бы атруту глынуў, бы глынуў горкі боб —
То зашкодзілі божы зярняты.
Ён крычыць на жывот, бо пачала расьці
Раптам чэрава ў стог вялічэзны,
Расьпірае бакі, ні сапсьці, ні храпсьці, —
Распучыўся ўгару ваўкарэзны.
І пачаў ён бляваць, мэкаць, нібы каза, —
То вылазіць крадзёнае бокам;
Там, дзе плюне, — расьце гнілы корч і лаза,
І ракіта, і дзіч ненарокам.