Дзей-думкі твае — гэта стада гаўяд
На даліне абшырнай жыцьцёвай.
Пуга-цямлівасьць іх хай бароніць ад здрад,
Няхай рупнасьць трымае ў захове.
Станеш пасьвіць як сьлед — будзеш сыты і сам
Пачне Доля па нітцы скакаці;
Загультуеш — карысьць будзе злыбедам — псам, —
Загрызуць цябе ў полі і ў хаце.
8. Чорт украў у бога насеньне, а бог
нібы-то ня прыкмеціў
Бог плыве на чаўне, а тымчасам злы Чорт
Круць і верць вакол божае вабы.
Чорт з рагамі, з хвастом і худы, як той хорт.
Чорт — гідкі і сьлізкі, нібы жаба.
Нібы ўюн, туд і сюд вакол бога шальмец,
На насеньне ён сьлюнкі пускае;
Трэ аб човен бакі, дасьць пад човен нурэц,
Дразьніць бога, як малпа дурная.
Раптам лапу тыць-мыць, цапнуў жменю дабра
Проста з рук вырваў божых Чарцюга.
Ён насеньне глынуў і паплыў, як мара,
Рагатаў жарабцом лайдацюга.
Бог маўчаў — яму што? Кончыў працу. Назад
Па вяроўцы ўскарабкаўся ў неба.
На аблоках ляжыць. Спачывае, і рад,
Што нацацкаўся болей чым трэба.
9. Паляшук грае на Дудзе
Кінуў з неба Дуду на зямлю бог уніз,
Паляшук ад яе слодыч мае.
Скача поле і лес скача зьвер сярод хмыз,
Як ратай на Дудзе заіграе.
І дабрэе злы воўк; ён глядзіць, бы ягнё,
І ківае ў лад-тахт галавою.
Нібы рой галубкоў замаўчыць груганьнё
І нясецца над мяккай ральлёю.
Ня кусае вужак; ён зьвярнуўся клубком,
Заварожаны слухае граньне,