Зелянеюць палі і шуміць каласок,
Ажыла ўся зямеліца-маці.
Выступаюць ушыр, разьлягаюцца ўдаль
Лугі, пожні, даліны і ўзгоркі.
Кветкі граюць, блішчаць зелень ладзіць свой баль
Мігаціцца раса, нібы зоркі.
Прамяністым агнём сонца грэе зямлю
Аздабляе луг сьвежы і сочны.
Цяплыня… Хоць дзіцё палажы на ральлю,
Дык пачне тут расьці відавочна.
7. Іграючы на Дудзе, бог стварыў птушак,
зьвяроў і першага паляшука
Ой, пачатку няма, ой, канца ня відаць
Шчыр-красе агняцьветаў і хварбаў.
Вось, давай на Дудзе бог іграць ды іграць —
І зьявіліся новыя скарбы:
Замільгаў матылёк, зашумела пчала,
Зух-стрыгунчык між травак туркоча,
І зязюля пяе, кволы гук завяла,
Громка болбатка ў лесе балбоча.
Грае бог на Дудзе. Лось выходзіць на лог
З лагавішчаў дрымотнага бору;
Тур лагодна глядзіць на атару ў палёх,
Што пасецца на вольным прасторы.
Грае бог на Дудзе і плыве песьня-гук,
Бог насеньне вакол раскідае,
На паляне стаіць, нібы дуб, Паляшук,
Першы раз божы сьвет аглядае.
Выкрасае агонь, дыміць люльку ўзасос
І магерку кідае на камень;
Зірк туды і сюды — уваходзіць у стос
Бурчыць: „Хату збудую тут. Аман!“
Шмат клапот, шмат турбот, Паляшук, будзеш мець
Ты глядзі, ня спудлуй, а трымайся!
Прападзеш, як разок заваронішся ледзь,
Над сабой пастыром быць старайся,