Перайсці да зместу

Старонка:Паэмы (Бядуля, 1927).pdf/89

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён падняў-бы людзей, разварухаў-б абшар
І паклікаў-бы ў госьці да Сонца!

Скарб багаты ў зямлі захаваны ляжыць,
Сіла брызгае сьветлай крыніцай.
І прачнецца той Край, будзе вечна ён жыць,
Закрасуе зарой-зараніцай.

Самаграйка-Дуда лятуцела ўва сьне,
На Русь Белую думкай шыбала.
І Дуда сьніла сон аб сваёй старане,
Дудара беларуса чакала.

6. Як бог стварыў Палесьсе

Вось уздумаў пан бог край Палесьсе стварыць
І людзей і жывёлін і птухаў;
І вяроўку пачаў ён з праменьчыкаў віць,
І сівую патыліцу чухаў.

Па вяроўцы з нябёс апусьціўся ў ваду, —
Бог — вялікі штукар на ўсе рукі;
Захапіў ён з сабой Самаграйку-Дуду, —
Маюць сілу вялікія гукі.

Ледзь падумаў загад — крышталёвы чаўнок,
Як цудоўны мянтуз паказаўся.
І сявалка ў чаўне. У той сявалцы камок,
Як шаўковы клубок, разьвязаўся.

Разьвязаўся клубок: дыямэнтавы мак
Заіскравіў, напоўніў сявалку.
Бог бярэ на вагу, бог прабуе на смак,
Такіх зерняў ня еў ён і змалку.

„Вось насеньне, дабро, — любата, пекната!
Гэтым сьвет тут засеяці трэба!
Тут хай будзе лясок, там — трава, асата.
А далей — чарназемная глеба“.

Бог плыве на чаўне ды мяркуе туд-сюд,
Нібы добры ратай гаспадарны;
Сыпне жменю дабра — і расьце, проста цуд,
Пушча-лес, нібы сад вялізарны.

Вада шчыліцца — ў міг выступае гаёк,
А за гаем — лугі, сенажаці.