З валакністых агнёў ткала даль паясы,
Аздабляла ў нябёсныя краскі.
З яркіх зорак вачэй ткала даль абрусы,
Дуда спала пад сонечнай ласкай.
4. Першы сон Дуды
Вось Дуда сьніла сон, заварожаны сон:
Матылькамі кружыліся зыкі.
Абляцеў белы сьвет дзіўны тон, вешчы тон
Пад рукамі сівога Музыкі.
Сьпеў імкнуў на абшар лебядзіным пуцём,
Дудар граў і сьпяваў гімны-песьні.
Бачыў хаткі сялян, бачыў панскі харом,
Вольны сьвет Дудару быў зацесны.
Сьлёзы ў ясных вачох зьялі сьветлай расой,
Акраплялі ратайскія грудзі.
Людзі шлі на агонь. Людзі рынулі ў бой,
Згадаваныя песьнямі людзі.
Нібы хвалі плылі, бы рвануўся сыр-бор.
Грамада шла, гуляла, сьпявала.
І глядзела ўгару на нябёсны прастор,
І натхненьне ў вачох красавала.
Колькі моцы было ў родных песьнях людзей,
Радасьць брызгала сьветлай навалай.
Гукі шчасьця расьлі з гарапашных грудзей,
Зычным выраем песьня лунала.
5. Другі сон Дуды
Вось Дуда сьніла сон: Абяздолены край
Між балот і лясоў дрэмле ціха.
Па лугах і палёх жабраком ходзіць Бай,
Па шнурох мчыцца Злыбеда-Ліха.
Край той сьпіць, як стары занядужаны дзед
За цямнюткай за курнай пячуркай.
А над краем відаць сьветлы, зорачны сьлед,
Пазахован пад шэраю хмуркай.
Ой, каб быў там Пясьняр, сівабровы Дудар
У забытай, загнанай старонцы, —